Валер Санько

 

Страна: Беларусь

Белорусский писатель, журналист, краевед, доктор народной медицины (1992), магистр нетрадиционной медицины (2001). Работал в республиканских газетах, издательствах. Инвалид труда второй группы. Первый рассказ напечатан 12.01.1958. Автор/соавтор 19 книг. Их тема: проза, лечение травами, оздоровление, приметы, обережничество, краеведение. Наиболее значимые книги прозы «Домой пойдут все», «Грех на них несмываемый», «Звенят жаворонки в Чернобыльском небе», «Современная белорусская литературная жизнь», «Корриды огненные искры», «Жить – приметы учить». Все произведения на белорусском языке.

Country: Belarus

 

 

 


 

Руладная слодыч перамогі

… Шар ледзь прадраўся скрозь хмызы, яшчэ вострыя сухія галінкі вербалозу
хвасталі пысу, як воўк кінуўся на яго – моўчкі, зацята. З лютасцю.
Паджары спрактыкавана наляцеў на задыханага, траха не роўнага сабе
сабаку, ударыў шырокаю моцнаю грудзінай. Той адляцеў, пакаціўся, усхапіўся.
Імгненне, і Паджары зноў абрушыўся на выжлу. Вопытна, завучаным рухам
воўк пацягнуўся да гарляка, не дастаў. Сабака не стаў кусацца, дзярпацца кіпцюрамі,
як звычайна рабілі суродзічы, адскочыў. Паджары памкнуўся другі раз. Ізноў не дапяў
сабакі.
Воўк перастаў кідацца на роўню, паджгаў далей. Сіла, кідкі і перахлябістае
гірчэнне мусілі перапужаць сабаку.
Не перапалохалі. Воўк азірнуўся, вочы пылалі лютасцю. Хвост-палена яшчэ
болей прыціснуўся да тулава, падавалася, замінаў ваўку рысіць.
Злосна скавытнуў Шар. Звярыная асцярожнасць выгучвалася ў прыручанай
істоце, загадвала адстаць, але не ўтаймоўвалася нянавісць, моцнасць таксама
шукала выйсця. Ззаду ідзе гаспадар, і сабака не саступіў ваўку, пабег услед,
зводдаль. Разумнага вывучанага чалавекам сабакі ў лесе даўно не стала, быў звер,
ён бачыў роўнага ворага, асцерагаўся яго, бег за ім, не мерыўся адстаць ці збочыць.
Ніхто не вучыў Шара паляваць на ваўка, беспамылкова паводзіцца, аднак пакуль не
памыляўся. Веды прыйшлі як бы самі па сабе.
Вохкім далёкім рэхам гухнуў стрэл. Шар ведаў хто падае яму голас, павесялеў.
Наддаваў хады Паджары; ён не запамінаў мясцовасць, падрабнічна ведаў яе.
Надакучлівага цюцьку стараўся не заўважаць; не ўдавалася.
Нечакана ўвагіністы магутны воўк развярнуўся, замёр. Сабака набягаў, воўк
цэлка рынуўся на яго.
Звычайна Паджары не выбіраў, як стукнуць ці кусануць сабаку. Было ўсё роўна
– гаўкала ад любога ўдару будзе доле, праз момант яго шыя захрабусціць на вострых
воўчых клыках. Гэтым разам Паджары вылічваў: біў даганяча ў бок. У апошні момант
цюцька вывярнуўся, Паджары не здолеў злавіраваць.
Яны, як ваўкі, стукнуліся грудзінай на грудзіну, хвацілі адзін аднаго за сківіцы.
Пацякла кроў. Звяры гірчэлі, шалелі. Налітыя чырванню вочы спапялялі ворагаў.
Бітва не на жыццё, на смерць.

Штосілы Паджары рвануў убок, не расціскаў зубоў. Сабака таксама не развёў
шчэлепы.
Жудасны гіркат, вурчэнне двух параненых звяроў запаланіла аселіцу. Зямля
ляцела ўверх. Кіпцюрамі звяры рвалі адзін на адным поўсць.
Прыўзняліся. Барацьбу ў паветры, калі ўся сіла ў зубах, Паджары не
вытрымліваў – прайграваў. Асеў ад болю. Выпусціў намёртва захвачаную сківіцу
ненавіснага ворага. Сабака не расціснуў сківіцаў, п'яўкаю вісеў на ваўку. Паджары з
цяжкасцю адкінуў шэльму, адскочыў, з баявітасцю развярнуўся насустрач. Задыхліва
чакаў.
Гаўкала скаліў зубы, хістаўся. Воўк тонка ўлавіў момант разгубленасці Шара,
кінуўся на яго, ударыў грудзьмі ў бок, нарэшце цэлка ўчапіўся ў горла. Усё, капцы,
гарляк цюцькі ён не выпусціць. Так было няраз. I сам узвыўнуў ад болю. Вострыя
жалезныя цвікі ўбіліся ў мысу і зубы Паджарага. Упіліся агнянымі стрэмкамі.
Яны стылі адзін супраць другога – ярасныя, залютаваныя, моцныя. Абодва ўжо
вызналі сілу адзін аднаго, з хітрай асцярожнасцю выцікоўвалі любы рух праціўніка,
не кідаліся ў новую схватку. Вопытныя набылі новы досвед, сцерагліся пераступіць
нябачную мяжу паміж сабою.
Шар па-сапраўднаму адчуў уласную моцу. Сабака ўвесь час падсвядома,
кожную секунду баяўся за шыю. Калі воўк, падцікаваўшы момант, учапіўся за горла,
Шар скугальнуў шчанюком, завішчэў. Сам няраз хватаў дваровых цюцькаў за шыю,
кеміў што значыць такі захват. Глыбозная рана ці адразу смерць.
Воўк адскочыў назад.
Радасна-шчасны за выбаўленне ад бяды Шар таксама быў на нагах, грозна
шчэрыў зубы. Аўчарка не прызнавала ўласнай знямогі перад ворагам-нядужцам і
хірляўцам.
Паджары небаязліва павярнуўся спінаю да моцнага сабакі, махануў у лес. Ён
правучыў нападніка. Палын, верасы, чэпкія сцябліны кмену і божых слёзак, чарнічнік
– увесь лясны сухатравастой стаў калючым і дзярпастым, замінаў шэраму. Воўк
здатны доўга бегчы, заганяючы ахвяру, ён нястомны пры пошуках корму,
неспатольны ў бойцы. Аднак ён не вытрымвае бойкі на выматванне сілы; менавіта
пагэтаму ўсе схваткі ў ваўка напорныя, ярасныя і кароткія.
Праімгненіла хвіліна. Сыры мяккі дыван прэлых траў у лагчаках мякка і роўна
пружыніў пад лапамі Паджарага. Насцярожаная ўпэўненасць рухаў паказвала: звер
поўніцца сілаю і адвагаю.

Драпежнік не церпіць побліз драпежніка сваёй пароды; у сабаку Паджары
ўпершыню адзначыў роўню, вырашыў схітраваць. Найвялікшая асцярожнасць, якая
ніколі не пакідала ваўка пры сустрэчы з незнаёмымі сітуацыямі і прадметамі,
распараджалася ім. Ён зацягваў нахрапістага сабаку ў Нежаўскі гай, там былі другія
ваўкі. Яны схвацяцца з ворагамі суродзіча, Паджары зберажэ сілы.
Усё мацней бралася на вечар. Шар збойваўся дальніцца ад гаспадара,
знеахвоцьна імклівіў наперад. Вухка і глуха зноў прагучаў стрэл. Шар абнадзеіўся,
ведаў хто падае голас.
Асцярожныя воіны не чапалі адзін аднаго; амаль роўныя (воўк крыху большы)
беглі, іскрылі адзін на аднаго вачыма, не спяшалі сашчапіцца. Інстынкты самааховы
распараджаліся звярамі. Калі гатовы для нападу Шар апынаўся блізка ззаду,
Паджары разварочваўся ўсім тулавам насустрач, непрымірыма шчэрыў іклы,
адбягаў; калі зусім асмялелы Шар мкнуў аббегчы ваўка, зкасянуць віхлястага з
сцежы, той аббягаў сабаку, ікласта пагрожваў збліжэннем, і сігаў у глыб лесу, па
здатнейшай прамой.
Спыніліся звяры. Рушылі. Спыніліся. Жоўтыя вочы абодвух паступова
наліваліся бліскучай зялёнаватай чырванню, вузелі, жахнелі.
Шар разлічыў. Не паспеў Паджары стаць на ногі пасля скачка цераз канаву, як
сабака – першы раз за дзень – рвануў наперад сам. Тулавам збіў з ног Паджарага.
Сашчэпленыя ў клубок звяры покатам пакаціліся па зямлі.
Гырчанне, тугія хрыпы, узгыры. Зямля і трава ляцелі ўверх. Агністы ярасны
сутык. Разбеглася звяр'ё хутка.
Балела ў Шара пракушаная лапа, на губах пена, чырвань. Саднеў бок.
Паджары таксама не той – мацней зварачаў з дарогі, старанней унікаў бою.
Калі б гэта была сутычка ваўкоў ці сабак, усё даўно б скончылася: адзін звер
прызнаў перавагу другога, саступіў, уцёк, другі не даганяў бы.
Далёка-далёка раздаўся сцішаны адлегласцю і лесам чарговы стрэл. Шару
дасюль ні пра што не думалася, зараз нечакана прыгадаўся гаспадар, спакойны
ўпэўнены басавіты ягоны голас: «Ідзі, Шарык, сюды, ідзі, малыш!». Ішоў, паслухмяна
тыкаўся галавой у мужчынскія калені, даваў лапу, лашчыўся.
Звяры не разбегліся. Прывучаны чалавекам да адчайных учынкаў сабака
выракся самазбярогнага жывёльнага закону, не нарывацца на раны, тым болей
смерць, сабака па-ранейшаму гнаўся за воўкам. Так турэмнік не прызнае законаў
грамадства.

Шар запачуваўся гаспадаром лесу, моцным, усеўладным – такое адчуванне
заўжды пасабляла на паляванні.
Раны ятрылі сабаку. Лютасць, прага крыві і змогі над моцным і хітрым ворагам
поўнілі яго, распіралі. Цела трэслі дрыжыкі. Скокнуў адразу, як улучыў выгадны
момант.
Паджары не азіраўся. Спрактыкавана драў і драў хмызнякі, узлётваў над
купінамі, выгінамі, карчамі. У прыцемках лесавай гушчэчы воўк рухаўся з лёгкай
упэўненасцю. Наколькі дазвалялі раны.
Кідок сабакі не застаў Паджарага неспадзеўкі. Смяртэльнага ворага воўк
сустрэў з годнасцю: вушы не стаялі тырчма, прылеглі, моцны перапоўнены жывот
падцягнуты, усе мускулы і жылы напятыя. Насцярожаны і непалахлівы драпежнік, ад
якога тысячагоддзі таму вывеліся свойскія сабакі, каля чатырохсот парод, гэтым
разам не прагнуў бойкі, ён не чакаў ад мізэрнай сабачынай пароды цягавітай
вынослівасці і напору. Усё ж дужэц смела рвануў насустрач нахрапістаму ліхадзею.
Яны прыўзняліся над зямлёй, сіберныя, зацятыя. Зубы аднаго ўпіліся ў
другога. Пераетасць не памагала ваўку – слабіла.
Быў момант, агідны, малюсенькі, страшны ад магчымага канца, калі ў Шара
расціскаліся зубы – пякельны пачварны боль, жудасны боль замяцеліў раптам па
ўсёй істоце.
Няўлоўнае водгалассе новага выстралу, слабусенькае, амаль нежывое,
прыцякло на віхравейны ўзлобак. Цяплом і холадам абдало ваяроў.
Штосьці пруткае, злоснае, ятранае, злоснае да вар'яцтва скаланула Шара.
Гнуткія крывыя лапы аўчаркі абцугамі сцялі паджарага ваўка, цісканулі. Шар захітаў
зашчэмленай сківіцаю, пхнуў ворага. Імгненні вырашалі ўсё. Той не вытрымаў,
расціснуў зубы на сківіцы аўчаркі, зноў кінуўся на ворага, ужо не на галаву ці зяпу –
на шыю, забыўліва на праклятую шыю. Адскочыў ад забратага ў ашыйнік гарляка
сабакі, падставіў свой.
Дзікім сіберным зверам Шар ускінуўся на звяругу. За даўжэзныя хвіліны пагоні,
узаемных наскокаў і схватак адзін малюсенькі моманцік усміхнулася яму ўдача, гэты
міг сабака не выпусціў. Не даючы Паджараму ачомацца, не адчуваючы, як вострыя
кіпцюры таго дзяруць жывот і бакі, Шар хапануў ваўка за непавароткую тугую
неабароненую цвікамі шыю. Нешта храбусцела на зубах.
Паджары захлынаўся. Не мроілася здавеннаму важаку такое ўбачыць.
Заяснелася само. Вывадкі, усе пяць, з адной ваўчыхай, па тры, чатыры, пяць ваўчанятаў, пахкіх, міленькіх, паглядных. Раслі, набіраліся характару, дужы, волі. Не ўсе ўздужэлі, асобныя сплывалі ў агідных, прапахлых чалавечымі рукамі мяшках.
Выраслы падрост гайсэціць Валатоўшчыну, Некрашоўе, Урэччыну,
Любаншчыну, Случчыну. Могуць асцярожныя не меней за тату.
Шкадаванне адно, у сёлетнюю восень не стала сяброўкі, адзін Паджары цяпер.
Адзінота, як не пыжся, заўжды аднімае сілы. Дзе яго моца, куды цячэ…
Шар не выпускаў арлапістага смеляка ваўка Паджарага. Закон звяроў – дабі
слабага – валодаў аўчаркаю. Некалькі дужых моцных птушак затрапыхаліся на зубах
сабакі, ён не расціскаў іклаў, сціскаў шыю ворага мацней, тужэй. Птушкі заслабелі,
пачалі некуды знікаць, перасталі варушыцца ў зубах.
Шумеў уверсе слабкі вецер. Гайдаліся дрэвы. Мядзведзямі ўзшавельваліся
кусты. Шар натапырана сачыў, як варушыцца воўк, гараць і тухнуць яго чырвоныя,
зялёныя, белыя вочы. Потым сеў, пільна і недаверліва вывіжоўваў на драпежніка, яго
буравата-шэрую з цёмным налётам поўсць на спіне.
…Праляцела за паўгадзіну, як аўчарка і воўк упершыню згледзеліся, і вось усё
скончана для аднаго з іх.
Неўзабаве перахлябістае, поўнае жудасці выццё шчаслівага пераможцы
руладна панеслася ў прастору. Невядомы лясны звер святкаваў перамогу. Радасць,
сіла, напор вырываліся з нутра сабакі. У космас. Да духаў, Бога звяроў. Воўкам
сабака вывыйваў падзяку за перамогу. Звер парушыў лінію можнага з дазволу
Наймагутнага сярод жывога і нежывога, і па загаду гаспадара, чалавека. Свядомыя ці
несвядомыя дамовы з сіламі поля, лесу, вады заключае ўсё жывое. Прасіцца ў іх
часта не трэба, дамаўляцца – абавязкова; дух сабакі і яго гаспадара вымалілі ў іх
дапамогу, перамаглі.
Воўкам выў сабака. Скончылася выццё нечакана – радасным кароткім
сабачыным узбрэхам. Пасля ўсё сціхла…

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (6 оценок, среднее: 4,17 из 5)

Загрузка...